9 тур Слонім 2:1 "Славiя" Мазыр

9 тур
2:1
Слонім
"Славiя" Мазыр
Дата правядзення матча: 
07/06/2014
Час: 
16.00
Месца правядзення матча: 
у гасцях
Колькасць гледачоў: 
1250

Слонім: Мялік, Палазнік, Снапко, Жукаў, Харытановіч, Юзвовіч (Жэгала, 68), Герасіменка (Шуляк, 76), Курловіч (Блінец, 63), Арочка (Падрэцкі, 90 +3), Каленік, Пузан (Герасімчык, 88) .

 

Славія: Гаеў, Кобец, Грачышка (Хадаркевіч, 80), Слечарчук, Харытончык, Катляроў (Паўлавец, 53), Раеўскі, Страхановіч, Шыкаўка (Шчагрыковіч, 31), Герман (Ахраменка, 63), Лапцеў (Хаміцэвіч, 78).

 

Галы: 0:1 - Раеўскі, 60 (п); 1:1 - Палазнік, 81; 2:1 - Палазнік, 88.

 

Папярэджанні: Жукаў, 32; Мялік, 59.

 

Выдаленні: Кобец, 34.

 

Па праўдзе кажучы, яшчэ да пачатку матчу меліся пэўныя асцярогі за зыход сустрэчы. Бо вывучэнне статыстыкі выязных сустрэч мазырскай «Славіі» ў гэтым годзе не дае падставы радавацца. Зусім ніякай. А пасля суботняй сустрэчы ад гэтай статыстыкі так проста галасіць ахвота. Але пра ўсё па парадку.

 

Пачнем з таго, што склад на гульню зноў апынуўся «з сюрпрызам» - у ролі флангавага абаронцы гледачы маглі бачыць Аляксандра Кобеца. Да намінальнага нападаючага Слесарчука ў цэнтры абароны многія ўжо нават прывыклі, а цяпер яшчэ адзін падобны эксперымент. І нельга сказаць, што ён не атрымаўся. Аляксандр цалкам упэўнена дзейнічае ў абароне, таксама часта падключаецца ў атаку па флангу, што атрымліваецца нават лепш. Увогуле, нічога не прадвяшчае бяды, калі на трыццаць чацвёртай хвіліне адзін з гаспадароў у выніку хуткай контратакі ўжо была ўцякае на рандэву з Гаевым, але аказваецца спыненым толькі фолам апошняй надзеі ў выкананні навапаказанага абаронцы мазырчукоў. Прамая чырвоная картка і задача «Славіі» па здабыванню выязных ачкоў ускладняецца.

 

У прынцыпе, яшчэ да гэтага моманту госці маюць кучу магчымасцяў вырашыць зыход матчу і засцерагчы сваё становішча на вяршыні турнірнай табліцы, аднак ні Лапцеў, ні Катляроў не могуць скарыстацца шыкоўнымі шанцамі змяніць лік на табло. А ў меншасці будаваць нешта небяспечнае каля брамы суперніка значна складаней. Хоць нельга сказаць, што атакуючы запал мазырчукоў слабее пасля выдалення Кобеца: яны ўсё гэтак жа працягваюць насядаць на ўладанні Мяліка. Вось толькі крэатыву ў атацы становіцца істотна менш.

 

Да перапынку лік на табло так і не мяняецца. А ў другім тайме каманды працягваюць шарманку, заведзеную яшчэ ў першай палове сустрэчы: вялікая колькасць барацьбы, трохі прымітыўныя дзеянні ў атацы. У мазырчукоў, трэба сказаць, даволі актыўна працуюць флангі - Катляроў і Герман раз за разам сваімі дзеяннямі на краі ладзяць пажар каля гаспадарскай штрафной. Аднак іх падачы ніхто не можа завяршыць належным чынам. На 59 хвіліне чарговы прарыў Дзмітрыя Германа абгортваецца кашмарам для абароны «Слоніма» - нападаючы гасцей выходзіць на рандэву з галкіперам, які вымушаны фаліць ў сваёй штрафной - арбітр паказвае на кропку. Да мяча падыходзіць Аляксандр Раеўскі і пад незадаволены гул трыбун спакойна перайграе Яўгена Мяліка - «Славія» вядзе ў ліку.

 

Пасля забітага мяча мазырчукі імкнуцца рэарганізаваць гульню. Спачатку Юрый Пунтус мяняе Германа на абаронцу Ахраменка, а затым замест Лапцева на поле выходзіць Хаміцэвіч. Відавочны акцэнт робіцца на абарону. Аднак роўна праз тры хвіліны пасля з’яўлення Дзмітрыя на поле «Слоніму» аддаецца за цярпенне ўсіх мазырскіх нападаў. Пасля падачы вуглавога мяч мітусіцца ў штрафной і трапляе да Вячаслава Палазніка, які з метра адпраўляе яго ў сетку варот гасцей. Праўда, шмат каму здаецца, што аўтар мяча ў момант перадачы знаходзіцца ў афсайдзе, аднак арбітр так не лічыць - 1:1.

 

Параўнаўшы лік, гаспадары не супакойваюцца: такое адчуванне, што ў іх прама адкрываецца другое дыханне. Калі мазырчукі дзейнічаюць даволі павольна і нават пасіўна, то «Слонім» актыўна ўключаецца ў барацьбу. Магчыма, менавіта такі прыліў сіл незадоўга да фінальнага свістка аказваецца вырашальным. На 88 хвіліне Яўген Палазнік зноў аказваецца самым кемлівым ў штрафной гасцей пасля падачы са штрафнога і дакладным ударам хавае надзеі мазырчукоў на хоць нейкі поспех у гэтым супрацьстаянні.

 

У чарговы раз «Славія» едзе дадому ў жахлівым настроі, не здолеўшы як разжыцца ачкамі ў аўтсайдэра лігі, так і захаваць высокае становішча ў табліцы. Пяты радок - відавочна не той вынік, які задавальняе палешукоў.

Галы: 
:
Папярэджання: 
Выдалення: