30 тур "Славiя" Мазыр 1-2 "Мiнск"

30 тур
1-2
"Славiя" Мазыр
"Мiнск"
Дата правядзення матча: 
10/11/2013
Месца правядзення матча: 
дома

10 лістапада , 13:00, «Юнацтва» (Мазыр)

Галы:
0:1 - 54, Кібук (пас - Ковель), 1:1 - 93, Юдзянкоў (пас - Лапцеў), 1:2 - 94, Кібук .
Славія - Гаеў, Рахманаў, Яраслаўскі, Яўсеенка, Ірха (Цакіч, 31), Цімашэнка, Хількевіч, Юдзянкоў, Кастроў, Хварасцьянаў (Аляксандраў, 62), Волкаў (Лапцеў, 55).
Мінск - Дзячко, Сасноўскі, Свярчынскі, Бягуноў (Кібук, 46), Сачыўка, Астравух, Казека, Пушнякоў (Разін, 73), Маеўскі, Ковель (Макась, 67), Васілюк.
Папярэджанні:
Ірха (29), Яўсеенка (52), Гаеў (58), Макась (76), Яраслаўскі (78) , Юдзянкоў (79).
 
Хатні матч " Славіі " супраць Мінска ў рамках 30 тура чэмпіянату краіны па футболе атрымаўся, як і ўсе папярэднія сустрэчы каманд у гэтым сезоне, напоўненым барацьбой і няўступлівасцю. Па традыцыі, дружыны выдалі валідольны трылер, інтрыга ў якім захоўвалася да самага фінальнага свістка.
 
Нельга сказаць, каб гульня адзначылася высокімі хуткасцямі і складанымі тактычнымі дзеяннямі ў выкананні абедзвюх каманд. Нават наадварот, у большасці сваёй, за выключэннем некаторых момантаў, усё дзейства нагадвала англійскі футбол ўзроўню Чэмпіаншыпа: праходы па флангах, спробы закінуць мяч ў варожую штрафную, доўгія перадачы, надзея на тое, што хто-небудзь з таварышаў па камандзе здолее выйграць падбор і вырашыць зыход кожнага асобна ўзятага эпізоду.
 
Было бачна, што ледзь ці не ўся мінская атака працавала на дастаўку мяча Леаніду Ковелю, які і павінен быў выступіць у ролі наканечніка галявых імкненняў гасцей. У прынцыпе, гэтая стаўка спрацавала. На 54 хвіліне Леанід ўдала адгукнуўся на перадачу з глыбіні, абыграў абаронцу і брамніка гаспадароў, а потым пакаціў мяч у пустыя вароты, набягаўшаму Віталю Кібуку заставалася толькі злёгку падправіць траекторыю снарада.
 
Пасля гэтага мазырчукі прыкметна ажывіліся, забегалі. Гэта прывяло не толькі да серыі небяспечных эпізодаў каля брамы Дзяніса Дзячко, але таксама да даволі, так бы мовіць, спрэчных рашэнняў арбітра. Андрэй Сарока двойчы не прызначыў пенальці ў вароты гасцей : у першы раз пасля таго, як мяч трапіў у руку аднаму з абаронцаў Мінска пасля ўдару Ігара Кастрова, а ў другі раз за чысты знос таго ж самага Кастрова ў самай варатарскай пляцоўцы гараджан. Трыбуны даволі жыва адрэагавалі на падобныя рашэнні галоўнага суддзі, дружна праскандаваўшы свае здагадкі наконт яго пераваг у амурных справах.
 
І ўсё-такі намаганні гаспадароў поля ўвянчаліся поспехам: ужо ў кампенсаваны час (на 93 хвіліне) пасля паса Дзяніса Лапцева, які выйшаў на замену ў другім тайме,  Руслан Юдзянкоў увагнаў мяч у сетку варот Мінска. Здавалася б, вось яна - адплата за ўсе мячы, прапушчаныя "Славіяй" на апошніх хвілінах сустрэч з гараджанамі. Аднак і ў гэты раз футбольны бог быў вельмі жорсткім да мазырчукоў. Нават больш жорсткім, чым звычайна. Не паспела гульня аднавіцца з цэнтра поля, як пасля прыкрай абрэзкі недалёка ад мазырскай штрафной мяч быў перахоплены Віталём Кібуком, які апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы і дакладным ударам пахаваў усе намаганні мазыран. А праз пару секунд ужо прагучаў фінальны свісток, які азначаў, што "Славія" так і не здолела сёлета аддаць пазыку Мінску. Хоць гуляла, як мінімум, не горш.
 
Пасля матчу галоўныя старонкі розных спартыўных выданняў застракацелі навінамі пра вылет мазырскай дружыны з вышэйшага дывізіёна краіны. Так, на самай справе, хутчэй за ўсё наступны сезон "Славіі" прыйдзецца пачынаць ужо ў першай лізе ...