"Славія" 2 - 3 "Гарадзея"

Катэгорыя: 

Дзень адчыненых дзвярэй

 

На зімовых таварыскіх турнірах, калі каманды толькі набіраюць форму і рыхтуюцца да сезону, рэдка ўбачыш адкрытую гульню і кучу галоў на любы густ. Аднак матч “Славіі” супраць “цукровых” з “Гарадзеі” апынуўся прыемным выключэннем з правілаў. У прынцыпе, перадумовы да такога развіцця падзей меліся важкія. Па-першае, стартавы матч “Славіі” на зімовым турніры ў Берасці скончыўся не на карысць палескай дружыны, таму настрой на другую гульню ў падначаленых Юрыя Пунтуса быў самы што ні на ёсць баявы. “Гарадзея” ж напярэдадні ўпусціла перамогу ў супрацьстаянні з берасцейскімі дынамаўцамі (матч скончыўся нічыёй 1:1) і таксама не мела намеру прагульвацца па полі.

 

Неабходна таксама ўлічыць, што “Славія” з нядаўніх часоў пачала гуляць па схеме 4-3-3, якая прадугледжвае большую разнастайнасць у нападзенні. Па ўражаннях жа ад ўчорашняй гульні сённяшніх праціўнікаў мазырчукоў можна было смела рабіць здагадкі аб акцэнце “Гарадзеі” больш менавіта на крэатыў ў нападзенні, чым на зладжаныя абарончыя дзеянні. Увогуле, чакалася даволі вясёлая заруба. Так яно, у прынцыпе, і выйшла.

 

“Цукровыя” рынуліся з месца ў кар’ер, не пакінуўшы часу на разварушванне для палешукоў. Гарадзейскі “бліцкрыг” быў збудаваны досыць аператыўна і відовішчна: Аляксандр Ядзешка ўжо на пятай хвіліне засмуціў Уладзіміра Гаева. Праз дзевяць хвілін галкіперу мазырчукоў прыйшлося зноў абурацца: гэта Дзяніс Яхно замкнуў шыкоўны папярэчны прастрэл крыху далей кута брамавай. Пасля гэтага пачалі лезці ў галаву думкі пра нядаўнюю сустрэчу “Арсенала” і “Ліверпуля”, але я стараўся гнаць прэч гэтыя ўспаміны. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні гарадзейцаў, безумоўнай капітуляцыі не здарылася. Не прайшло і дзвюх хвілін, як Алег Страхановіч выдаў шыкоўную перадачу на Віктара Кліміхіна, які не прамахнуўся з забойнай пазіцыі.

 

2:1 да 16-й хвіліне матчу - гэта крута! Калі ў першыя пятнаццаць хвілін цалкам дамінавалі хлопцы ў зялёных футболках, то пасля забітага гола “Славіі” атрымалася выраўнаваць гульню. Цяпер небяспечныя моманты ўзнікалі спачатку ў адных, пасля ў іншых варот. Перыядычна ў штрафной мазырчукоў быў поўны пажар, і толькі недастатковая стараннасць гарадзейцаў ня дазволілі рахунку стаць непрыстойным. “Арам, навядзі парадак там!” - разносіцца па стадыёне голас галоўнакамандуючага славян. Сапраўды, парадку часам не хапала.

 

На 28 хвіліне Дзяніс Яхно аформіў дубль, выдатна выканаўшы штрафны і адправіўшы мяч у далёкі кут міма Гаева метраў з дваццаці двух. Праз хвіліну паўтарыць гэта дасягненне мог і Аляксандр Ядзешка, аднак не змог нанесці дакладны ўдар з выдатнай пазіцыі пасля таго, як адкрыўся на краі штрафной плошчы. Не гультайнiчалі ў атацы і мазырчукі : адзін толькі Лапцеў меў у першым тайме тры верныя моманты, адным з якіх быў выхад на рандэву з Сяргеем Туранком.

 

У перапынку Юры Іосіфавіч Пунтус, мабыць, знайшоў неабходныя словы, каб страсянуць сваіх падапечных: у другім тайме асвежаны склад мазырчукоў працягнуў атакаваць, што з часам адлюстравалася на табло. На 59 хвіліне Аляксандр Катляроў здзейсніў проста вар’яцкі спрынтарскі рывок па правым краі, увайшоў у штрафную і прабіў дакладна ў галкіпера праціўніка. Прадуктыўна завяршыць гэтакі шыкоўны момант дапамог своечасова набегшы Ігар Слесарчук - 3:2.

 

Пасля гэтага каманды больш-менш супакоіліся, хоць момантамі і працягвалі выдаваць феерыі ў атацы. У прынцыпе, пабольш удачы і кемлівасці гульцам абедзвюх дружын, лік мог бы быць ну вельмі буйным. Увогуле, самы што ні ёсць “дзень адчыненых дзвярэй” у выкананні “Славіі” і “Гарадзеі”. Аднак, на жаль, нават зраўняць лік у палешукоў не атрымалася. У выніку “Славія” зноў трывае паразу і губляе шанцы на перамогу ў “Winter Cup – 2014”.

 

Наперадзе яшчэ сустрэча з гаспадарамі турніру - берасцейскім “Дынама”. Дынамаўская прэс-служба арганізуе онлайн-трансляцыю матчу, якую можна будзе паглядзець тут. Так што не ўпусціце шанец ўпершыню паглядзець на гульню абноўленай “Славіі” у сезоне 2014 і, вядома ж, пазаўзець за нашых!

 

 

Славія:

 

Першы тайм:

Гаеў (к), Аль-Маджыд, Канапацкі, Шляга, Ахраменка, Дадамян, Паўлавец, Страхановіч, Шчагрыковіч, Кліміхін, Лапцеў.

 

Другі тайм:

Гаеў (к), Аль-Маджыд (Радчанка, 75), Шут, Харытончык, Хаміцэвіч, Страхановіч, Герман, Раеўскі, Катляроў, Лапцеў (Каленік, 75), Слесарчук.

 

Гарадзея:

Туранок, Тарасенка (к), Шматко (Сарачынскі, 60), Цывілька, Усеня (Мальцаў, 60), Чалей (Мартынец, 60), Бубноў, Цюніс (Сашчэка, 60), Корсак (Дзямешка, 60), Яхно (А. Лебедзеў, 60), Ядзешка (Сарока, 60).