Міхайла Цакіч: Косава - самая святая зямля Сербіі

Катэгорыя: 

За два сезоны Міхайла Цакіч паспеў палюбіцца мазырскім заўзятарам. Нават, можна сказаць, стаў сваім для фанаў «Славіі». У інтэрв’ю прэс-службе «Славіі» каларытны серб распавядае пра сваю любоў да гісторыі, выказвае меркаванне па палітычных пытаннях, а таксама апавядае пра фанацкае жыццё Белграда.

 

Сіл няма, сяджу дома, касметыка

 

- Як цябе наогул занесла ў Беларусь?

- У мінулым годзе ў мяне не атрымалася зайграць ў луганскай «Зары»: прыйшоў новы трэнер, які не бачыў мяне ў складзе. Мой агент хутка разабраўся ў сітуацыі і знайшоў варыянт з арэндай ў Мазыр. Мне спадабалася ў «Славіі» у сезоне 2012, таму я застаўся і на наступны.

 

- У мінулым сезоне табе было весялей?

- Вядома. Калі каманда выйграе, застаецца ў вышэйшай лізе, то атмасфера ў калектыве лепей. А ў гэтым годзе... Так атрымалася, што атмасфера ў камандзе была вельмі дрэнная.

 

- Табе наогул падабаецца ў Мазыры?

- Шчыра кажучы, вельмі цяжка, бо ў Сербіі я жыў у сталіцы, у вельмі вялікім і жывым горадзе, дзе ўсё ёсць. А ў Мазыры жыццё даволі спакойнае, таму мне было цяжкавата прывыкнуць. Але цяпер, у прынцыпе, нармальна.

 

- Хоць нейкія забавы ў горадзе знайшоў?

- Калі шчыра, то толькі трэніруюся, а потым сяджу дома. Магу яшчэ схадзіць у рэстаран паесці, і ўсё. Таксама кожны тыдзень абавязкова хаджу ў царкву.

 

- З беларускай кухні табе што-небудзь асабліва спадабалася?

- Кухня як кухня. Я такі чалавек, што есці магу ўсё, прывыкнуць да ўсяго, так што праблем няма.

 

- Сам сабе гатуеш дома?

- Ды ведаеш, неяк жадання асабліва няма. Ды і сіл няма таксама. На сняданак магу што-небудзь простае сабе зрабіць, але абедаю і вячэраю ў рэстаране. Хоць па хатняй кухні сумую, але ўсё роўна сам што-небудзь рабіць не бяруся.

 

- Раз дома пастаянна сядзіш, то дзяўчыны ў цябе, напэўна, няма?

- Тут няма. А ў Сербіі ёсць. У мінулым годзе яна са мной тут была. Проста яна працуе ў Сербіі - у нас там сумесны бізнэс. А паколькі я зараз не магу ўсім гэтым займацца, то ёй давялося застацца дома.

 

- Калі не сакрэт, што за бізнэс?

- Займаемся продажам італьянскай касметыкі ў Сербіі. Гэта і розныя фарбы для валасоў, і крэмы, і маскі для твару.

 

- Жаніцца не думаеш?

- Дзесьці ў наступных пару гадоў :) Ранавата? Ды не. Мне ж ужо 24, так што як раз пара. Але дзяцей адразу не планую. Трэба ажаніцца, а потым ужо глядзець па сітуацыі :)

 

 

Гульня прастолаў, ВКЛ, гасціннасць

 

- Ты па-руску выдатна размаўляеш. У школе вучыў?

- Так. Але вучыць мову без практыкі - гэта бескарысна. Непасрэдна вучоба - гэта 5% у веданні мовы, а 95% - гэта практыка. Пакуль не прыехаў на Украіну, то толкам размаўляць не мог: «Прывітанне , як справы» і ўсё. Але ў мяне выбару асабліва не было, я першы год быў адзіным сербам ў камандзе, так што трэба было ўспамінаць вывучанае ў школе. Увогуле, атрымалася нармальна.

 

- А ва ўкраінскай мове разабраўся?

- Неее, у Луганску амаль ніхто па-ўкраінску не гаворыць, так што я нічога вывучыць не мог.

 

- У нас па-беларуску таксама нічога не засвоіў?

- Зусім ніяк, ні аднаго слова не ведаю. Нават не ўяўляю, як беларуская мова гучыць.

 

- Па радыё, тэлебачанні ўсё-такі ж перадачы на беларускай бываюць.

- А я радыё не слухаю і тэлевізар не гляджу наогул. У мяне ёсць Інтэрнэт - гэтага дастаткова, каб заставацца цалкам на сувязі з домам. Магу пагутарыць з роднымі, сябрамі. Магу пачытаць нешта. Увогуле, ёсць магчымасць і кіно паглядзець, і кніжку пачытаць. У сацыяльных сетках я таксама не вельмі актыўны карыстальнік. Думаю, што і без іх можна ўсё даведацца і з усімі камунікаваць.

 

- Што чытаеш на дадзены момант?

- Гульню прастолаў. Ужо тры часткі прачытаў, цяпер вось за чацвёртую ўзяўся. Яшчэ Каэльё падабаецца. А наогул я люблю гістарычную літаратуру. Творчасць сербскіх аўтараў падабаецца: Мілаша Црнянскага, напрыклад. Міларад Павіч? Не, не чытаў. Мяне больш усё ж такі цікавіць менавіта гісторыя: люблю пазнаваць новыя факты і падрабязнасці аб якіх-небудзь падзеях. У асноўным айчыннай гісторыяй цікаўлюся.

 

- Пра гісторыю Беларусі ўжо нешта даведаўся?

- Шчыра кажучы, нічога толкам аб вашай гісторыі не чуў. У нас у Сербіі пра Беларусь казалі, як пра Расею, што гэта адзінае цэлае. Разглядалі гэта, напэўна, як адну краіну: і Расею, і Украіну, і Беларусь. Гэта ўсё разам называлі Расеяй. Так што я не ў курсе пра гісторыю Беларусі як асобнай дзяржавы.

 

- Пра Вялікае Княства Літоўскае - у свой час найбуйнейшую дзяржаву ў Еўропе, не чуў?

- Вядома, чуў! Але тое, што гэта частка вашай гісторыі, я не ведаў. Трэба будзе пачытаць пра гэта, цікавая тэма.

 

- То бок, у цябе не было ўвогуле ніякага ўяўлення аб краіне, куды ты накіроўваўся, калі ехаў у Мазыр ?

- Я думаў, што Украіна і Беларусь - амаль тое ж самае. Не чакаў нічога новага. Зразумелая справа, што ёсць розніца паміж Луганскам і Мазыром - у Луганску 500 тысяч чалавек жыве, гэта даволі вялікі і ажыўлены горад.

 

- А між беларусамі і сербамі шмат адрозненняў заўважыў?

- Так. Здавалася б, славяне, вера адна. Але мы ўжо больш падобныя на Еўропу. Вядома, у гэтым ёсць і плюсы, і мінусы. Увогуле, розніца вялікая. Стаўленне да іншаземцаў рознае, напрыклад. Тут людзі неяк не прывыклі яшчэ да іншаземцаў. А ў нас ужо іх вельмі шмат, прычым не толькі турыстаў, таму людзі ўжо прывыклі, амаль не звяртаюць увагі. Мне таксама здаецца, што мы больш адкрытыя. У вас людзі больш замкнёныя.

 

- Кажуць, што мы гасцінныя.

- Гэта так! Дакладна больш, чым на Украіне. Там нейкія халодныя людзі, не дужа гасцінныя.

 

- Але з сербамі нам у гэтым плане не параўнацца?

- Я ж гэтага не казаў. Проста, разумееш, я ў Сербіі 20 гадоў пражыў, таму мне будзе здавацца, што ў нас там лепш. Не трэба думаць, што маё меркаванне ў гэтым пытанні самае аб’ектыўнае. Проста мне так здаецца.

 

 

Ратка Младзіч, Савецкі Саюз, дзве вайны

 

- Хто для цябе Ратка Младзіч і яго, скажам так, кампанія?

- Мне здаецца, што я не магу ўжо абмяркоўваць гэтую палітыку, паколькі я не ведаю, што тады адбывалася. Калі тое, што пра яго кажуць, праўда, і ён сапраўды зрабіў тое, у чым яго абвінавачваюць, то гэта было не яго рашэнне. Ён проста таксама быў падначаленым і выконваў загад. А ў вайне правілаў няма. Проста тыя, хто паступаў так, як Младзіч (і нават горш), але супраць нас, не панеслі ніякага пакарання, а з нас зрабілі самых горшых людзей. Але ніхто не глядзіць, што было зроблена супраць нас. Не толькі за адносна нядаўні час, але і за ўсю гісторыю. Таму для мяне Младзіч - чалавек як чалавек, які рабіў, што яму сказалі. Я лічу, што трэба быць моцным псіхалагічна, каб выконваць такія задачы, якія стаялі перад ім. Проста гэта вайна, і я хацеў бы, каб усе хутчэй пра гэта забыліся. Гэта было жудасна: адна краіна, грамадзянская вайна, брат забіваў брата, кум кума.

 

- А якое стаўленне да гэтага сярод людзей у Сербіі наогул?

- Разумееш, я ўжо перажыў дзве вайны. Я шмат чуў пра ўсё, бачыў па тэлевізары. Але сёння ў мяне ёсць сябры з Харватыі, і ў нас выдатныя адносіны. Але ва ўсіх краінах заўсёды будуць нацыяналісты, якія будуць прасоўваць свае ідэі. Мне здаецца, не трэба ўсё проста так дараваць, але на двары ўжо 21 стагоддзе, трэба рухацца далей. Вось у вас таксама ёсць людзі, якія кажуць: “як у Савецкім Саюзе было добра!” Але я, калі б прыехаў у Беларусь і не ведаў, які цяпер год, то я думаў бы, што на двары дзесьці 1970. Многія людзі яшчэ жывуць у Савецкім Саюзе. Вось тое ж можна сказаць і пра нашу вайну. Час ужо на ўсё забыцца. Вось гэтыя людзі, якія кажуць, што, маўляў, у СССР было так і гэтак, і таму трэба рабіць гэтак жа. Не! Не трэба рабіць так! Трэба ісці далей. 21 стагоддзе. Ужо няма камунізму, прыйшла эра дэмакратыі. Неабходна ўжо і паводзіць сябе па -іншаму. Вось і нам трэба забыцца вайну. Каб прагрэсаваць, трэба ўсім разам працягваць развівацца далей.

 

- У колах нашых футбольных фанатаў даволі папулярныя футболкі з лозунгам «Косава - гэта Сербія». Што аб гэтым скажаш?

- Вядома, гэта так. Косава - гэта, можна сказаць, самая святая зямля Сербіі. Там ёсць цэрквы, якім больш за паўтары тысячы гадоў! Гэта заўсёды была сербская зямля. А зараз нейкі Захад хоча прыехаць і проста так яе ў нас забраць для сваёй базы ці яшчэ чагосьці. Гэта лухта! Косава заўсёды было сербскай зямлёй. Няхай хто заўгодна прыедзе з якімі заўгодна намерамі, але гэта заўсёды будзе сербская праваслаўная зямля. Сербы там былі дзве, паўтары, тысячу гадоў таму, ёсць і цяпер! Дзве тысячы гадоў сербы б’юцца за гэтую зямлю, і яна заўсёды будзе сербскай. Там больш за тысячу цэркваў. Памер Косава, як у Гомельскай вобласці, а там столькі нашых старадаўніх помнікаў культуры. Як можна проста так гэта забраць? Калі б гэта была не сербская зямля, тады іншая справа. Але тут наогул трэба падумаць. Калі Захад лічыць, што гэта не Сербская зямля і ў Косава павінна быць незалежнасць, тады навошта пытацца ў нас? Навошта ім тады нашае «так»? Гэта значыць, яны прызнаюць, што гэта наша зямля. І ім трэба, каб мы ім яе саступілі. Тут пытанняў няма. Усе ведаюць, што Косава - гэта Сербія, і так, спадзяюся, гэта і застанецца.

 

 

“Београдски Синдикат”, наркотыкі , Алькатрас

 

- Інтэрнэт кажа, што ты паспеў пагуляць і за “Партызан”, і за “Црвену Звезду”. Гэта ўвогуле як?

- Такіх выпадкаў у гісторыі мала. І мне не дазволілі з “Црвены Звезды” перайсці адразу ў “Партызан”. Я адтуль спачатку паехаў у белградскі “Рад”, і толькі пагуляўшы там год змог перайсці ў “Партызан”. Проста я патрапіў у “Звезду” ў 13 гадоў - тады каманда знаходзілася на піку, была чэмпіёнам, былі ўсе ўмовы для развіцця. А потым пачаліся фінансавыя праблемы, якія існуюць і сёння. І ўжо тады ў нас не было нармальнага трэніровачнага поля, ды і ў іншых сферах стаў бачны недахоп сродкаў. А мне ў гэтым узросце патрэбныя былі нармальныя ўмовы, каб я вырас добрым футбалістам. Так што я паехаў на год у “Рад”, а потым ужо перайшоў у “Партызан”, дзе правёў тры выдатных гады, стаў чэмпіёнам Сербіі і віцэ-чэмпіёнам свету сярод каманд U-17. Для мяне гэта лепшы час у маім жыцці.

 

- У тваёй сям’і за каго заўзімаюцца?

- Шчыра кажучы, мая сям’я неяк наогул з гэтым не звязаная. Але ўся Сербія падзеленая на дзве часткі: адны падтрымліваюць “Партызан”, іншыя – “Црвену Звезду”. Калі гуляюць гэтыя каманды, ва ўсіх гарадах паліцыя напагатове, бо могуць адбывацца сутыкненні заўзятараў. Такога дэрбі няма ва Усходняй Еўропе. Каб гэта зразумець, трэба паехаць туды і самому паглядзець на гэта відовішча і адчуць гэтую атмасферу.

 

- Дык вось мне і цікава, як цябе “Гробари” ў жывых-та пакінулі, ведаючы, што ты гуляў за “Црвену Звезду”?

- Калі шчыра, я з дзяцінства быўзаўзятарам “Партызана”. Мяне мой старэйшы брат прывучыў. А ў “Звезду” я пайшоў толькі таму, што мной цікавіўся трэнер, ды і там была перспектыва прагрэсаваць як гульцу. Так, трэба заўзімацца за каманду, але гэта футбол і мне ў той жа час трэба было развівацца. Пачынаў я наогул займацца ў школе “Раднічкі”, з якой выйшла шмат добрых футбалістаў. Разам са мной займаўся Ален Стэванавіч, які раней гуляў у “Інтэры”, а цяпер выступае за “Тарына”.

 

- У фанацкім асяроддзі ўжо даволі доўгі час абмяркоўваецца канфлікт на трыбуне партызана паміж “Алькатрасам” і “Забраньени”. Што ты можаш распавесці пра гэта?

- Шчыра кажучы, я не занадта паглыбляўся ў гэтую тэму. Але я жыву ў тым раёне, дзе базуецца “Алькатрас”. Я знаёмы з многімі хлопцамі з гэтай брыгады, усё ж такі пастаянна даводзілася датыкацца ў жыцці. Яны таксама звычайныя людзі. Як я разумею ўсю гэтую сітуацыю, то гэта бізнэс. Хто галоўны на трыбуне, той прадае больш наркотыкаў, зарабляе больш грошай ад усёй дзейнасці.

 

- Сам на Паўднёвай трыбуне бываў?

- Вядома! Аднойчы нас ўсёй юнацкай камандай “Партызана” прывезлі на дэрбі, каб мы паглядзелі гульню з трыбуны. Проста неверагодна! Тым больш, “Партызан” у той раз перамог, так што я перажыў проста незабыўныя адчуванні. На самай справе, толькі пасля таго, як ты пабываеш на гэтай трыбуне, ты зразумееш, што такое дэрбі і што такое па-сапраўднаму заўзімацца за каманду. Неверагодная атмасфера!

 

- Паліцыя вельмі жорстка ставіцца да фанатаў?

- Заўсёды. Не толькі падчас футбольных матчаў, але і падчас розных пратэстаў. Магчыма, так і трэба. Паколькі ў розных вулічных акцыях маладыя людзі пад наркотыкамі і алкаголем могуць тварыць не вельмі добрыя рэчы.

 

- У горадзе лунае атмасфера пастаяннай вайны паміж фанатамі?

- Ды не. Бо лідэры груповак таксама працуюць разам. У кожнага свой ​​раён, які ён кантралюе. Так што штодзённых сур’ёзных перасячэнняў няма.

 

- Пасля такога жыцця табе гуляць на нашых напаўпустых стадыёнах, напэўна, зусім нецікава.

- Мне здаецца, што ў вас па-іншаму любяць футбол. Прыйсці, пасядзець, напхаць якім-небудзь футбалістам ад няма чаго рабіць. Па гарэлцы трошкі выпілі, давай-ка пойдзем пакрычаць там каму-небудзь што-небудзь. А такіх, хто сапраўды шчыра заўзімаецца за каманду, на жаль, мала.

 

- Сярод нашых фанатаў даволі вядомая сербская група “Београдски Синдикат”.

- О, ну яны вядомыя хлопцы! Яны, дарэчы, мае суседзі, жывуць непадалёку ад мяне. Так што з імі асабіста знаёмы, але не занадта ўжо блізка.

 

- Яны не фанаты “Партызана”, выпадкам?

- Вось не магу сказаць. Але калі яны жывуць на гэтым раёне, то, атрымліваецца, што так :) Хоць яны ў сваіх песнях ніколі аб клубных прыхільнасцях не кажуць. Не толькі з-за боязі страціць аўдыторыю. Хтосьці ж можа пакрыўдзіцца, і ім потым будзе дрэнна.

 

За фота дзякуй роўным пацанам з Offside.by