"Хваля" - "Славія", preview

Катэгорыя: 

Сёмы тур адзначыцца супрацьстаяннем прадстаўнікоў дзвюх палярных канцоў турнірнай табліцы: мазырская «Славія» ў якасці лідэра першай лігі паедзе ў госці да пінскай «Хвалі». Аднак тыя, хто думае, што вынік сустрэчы вядомы загадзя, глыбока памыляюцца. Так, у мазырчукоў у гэтым сезоне ўжо здарыўся адзін выезд да няўступлівага суперніка, які скончыўся, скажам так, не вельмі ўдала для падапечных Юрыя Пунтуса. Таму і ў нядзелю мазырскай дружыне не будзе лёгка.

 

Улічваючы тое, што пінчукі відавочна не чакалі такога пачатку чэмпіянату, настрой у іх будзе самы што ні на ёсць баявы. Асабліва пасля гасцявога разгрому ў Гарадзеі, які ўжо сапраўды дадаў спартыўнай злосці хлопцам з заходняга Палесся.

 

«Хваля» набірала ачкі толькі ў трох стартавых турах першынства - тры разы запар пінчукі разышліся мірам са сваімі супернікамі. А вось наступных тры матчы заканчваліся для нядзельных праціўнікаў «Славіі» несуцяшальна. Такім чынам, у Пінску яшчэ ні разу не радаваліся перамозе сваіх улюбёнцаў у гэтым сезоне. Няма сумненняў, што бела-сінія будуць грызці зямлю, каб дамагчыся першай вікторыі ў сезоне, тым больш пры сваіх гледачах.

 

Што датычыцца гатоўнасці мазырчукоў, то з гэтым усё павінна быць у парадку. «Славія» накіроўваецца на выезд у якасці лідэра чэмпіянату першай лігі. І нядрэнна б замацавацца на гэтай пазіцыі, паколькі «Рэчыца-2014» мае такую ж колькасць ачкоў і дыхае ў спіну мазырчукам. Да таго ж, кадравыя страты не толькі не адбіліся на патэнцыяле каманды, але нават дазволілі гульцам праявіць сябе ў новых ролях. Прыклад Ігара Слесарчука - яркае таму пацверджанне. Так што чырвона-чорныя прыбудуць у Пінск у поўнай баявой гатоўнасці.

 

Карацей кажучы, чакаецца напружаная сутычка двух каманд з высокай матывацыяй. Усе збіраемся і разам едзем падтрымліваць сваю мясцовую каманду ў нядзелю, 25 мая, ў 17.00 на пінскім стадыёне "Хваля".

 

Каментар Юрыя Пунтуса:

 

- У хлопцаў не будзе праблем з настроем на гульню супраць аутсайдэра?

- Мы ўвесь час размаўляем аб гэтым з хлопцамі з самага пачатку падрыхтоўчага цыкла. Галоўнае - не расслабіцца, а згуляць вельмі сабраны і акуратна.

 

- Арам зможа з'явіцца на полі?

- Ён пакуль трэніруецца ў агульнай групе і паедзе з намі на гульню ў Пінск. Аднак, хутчэй за ўсё, мы не ўбачым яго на полі ў нядзелю, ён яшчэ фізічна не гатовы да таго, каб уступіць у гульню.

 

- А як пажывае Шут?

- Арцём яшчэ нават не прыступіў да трэніровак. Рана казаць пра яго вяртанне ў гульню.

 

- Вы ўжо дасканальна вывучылі «Хвалю», ведаеце, да чаго рыхтавацца?

- Ведаем, што там за склад, якія выканаўцы. Увогуле, ёсць разуменне, чаго можна чакаць. Я ўпэўнены, што яны на апошнім месцы не па гульні. «Хваля» - гэта не каманда апошняга месца. Проста ў іх былі складаныя першыя шэсць тураў. Мы падчас перадсезоннай падрыхтоўкі ўжо сустракаліся з імі і не змаглі тады іх адолець. Пастараемся аддаць пазыку, мы гэта любім і хочам.