"Слонім" - "Славія", preview

Катэгорыя: 

У суботу, 7 чэрвеня, мазырскай «Славіі» трэба будзе на выездзе згуляць супраць футбольнага клуба «Слонім». У чарговы раз лідэр чэмпіянату адправіцца ў госці да аднаго з аўтсайдэраў. Нагадаем, што 31 траўня каманда з берагоў Прыпяці на хатнім стадыёне «Юнацтва» абыграла менскую «Зорку-БДУ» з лікам 4:3.

 

Пасля гэтай вікторыі «Славія», маючы ў актыве 16 ачкоў, зноў узначаліла турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд першай лігі. Аднак размяшчэнне каманд у табліцы даволі шчыльнае - адрыў мазырчукоў ад «Гарадзеі», якая займае дзявяты радок, складае ўсяго чатыры ачкі. Такім чынам, кожная страта ачкоў пагражае негатыўна адбіцца на перспектывах «Славіі» па выхаду ў вышэйшы дывізіён. Так што ў суботнім матчы супраць «Слоніма» патрэбная толькі перамога.

 

«Слонім» ж, у сваю чаргу, зробіць усё магчымае, каб пры сваіх гледачах не толькі паказаць прыстойную гульню, але таксама здабыць такія важныя для каманды тры ачкі. Улічваючы тое, як «Славія» гуляе на выездзе, шанцы суботніх праціўнікаў палешукоў можна ацаніць даволі высока. Справа ў тым, што мазырчукі ў выязных гульнях набралі толькі тры ачкі з дзевяці магчымых, абыграўшы ў валідольнай сустрэчы «Гарадзею» (1:0) і саступіўшы «Хвалі» (3:4) і Гомельчыгунтрансу (1:3).

 

Будзе цікава паглядзець, як прагрэсуе гульня каманды з берагоў Прыпяці ў абароне, паколькі колькасць прапушчаных мячоў (толькі ў апошніх трох сустрэчах галкіперы «Славіі» выцягвалі мяч з сеткі восем разоў), мякка кажучы, не радуе. Гэта далёка не лідэрскі паказчык, хоць і забіваюць палешукі больш за ўсіх у лізе - семнаццаць мячоў у васьмі сустрэчах - больш за два за гульню! Наогул, відовішчнасць матчаў «Славіі», зыходзячы з статыстычных паказчыкаў, проста выбітная: у сярэднім, у кожнай гульні з удзелам падапечных Юрыя Пунтуса забіваецца амаль пяць мячоў! Англійская прэм’ер-ліга і побач не стаяла!

 

Спадзяемся, што палеская атака працягне фестываліць і ў Слоніме, а ключ да вырашэння праблем у абароне будзе паспяхова падабраны галоўкомам чырвона-чорных. Тым больш, што лазарэт каманды амаль апусцеў - там застаўся толькі цэнтральны абаронца Арцём Шут. Так што ў настаўніка мазырскай дружыны будзе поўны арсенал байцоў, што павінна значна адбіцца на якасці гульні. Увогуле, гульня ў любым выпадку абяцае быць вясёлай. Такое відовішча і падтрымка каханай каманды дакладна стаяць таго, каб у суботу выбрацца на не самы блізкі выезд. Бура эмоцый ўсім будзе гарантавана. Усё ў Слонім!