Анатоль Усенка: «Гульцы не зарабляюць грошы»

Катэгорыя: 

У другой частцы інтэрв’ю з легендай мазырскага футбола Анатолем Усенка заслужаны трэнер Беларусі распавядае аб будаўніцтве стадыёна “Юнацтва”, гульні “Палесся”, залатым перыядзе “Славіі”, псіхалогіі сучасных футбалістаў і шматлікіх іншых цікавых рэчах.

 

Пасля “Дынама

Пасля вышэйшай школы трэнераў я паехаў трэніраваць “Віцебск”. Гэта быў 86 год. Спачатку быў старэйшым трэнерам і начальнікам каманды, а потым заняў пасаду галоўнага. Год працаваў, а потым прыйшоў на прыём да гаркама партыі Грыгор'ева, а ён мне прамым тэкстам сказаў: “Не перашкаджайце мне працаваць. Нам трэба мяса, малако, а тут вы са сваім футболам. Горад футбол карміць не будзе”. Так што я пайшоў, напісаў заяву і з'ехаў.

 

Мой бацька, калі паміраў, прасіў, каб я ў сваёй роднай Мар'інай Горцы таксама стварыў каманду. Вось у 87, пасля Віцебска, я і вырашыў гэтым заняцца. Заняўся грунтоўна: пры дапамозе мясцовай “Саўгастэхнікі” стварыў каманду пад назвай “Беларусь”, а праз два гады мы выйгралі першынство Рэспублікі сярод прафсаюзаў.

 

Аб “Палессі”

15 студзеня 1990 года мяне прадставілі ў якасці галоўнага трэнера ў мазырскім «Палессі». На гэтую пасаду мяне запрасіў Барыс Мацвеевіч Галяк. Калі зайшла размова аб маім пераездзе ў Мазыр, то жонка мне заявіла “ці я, ці футбол” . Я абраў футбол. Сабраў рэчы і паехаў. Можа, гэта было і няправільна , але тым не менш. Проста дзеці ўжо хадзілі ў школу ў Мінску, займаліся ў секцыях, таму было немэтазгодна іх перавозіць у Мазыр.

 

На першым жа сходзе каманды я паставіў свае ўмовы, што калі ўбачу тых футбалістаў, хто паліць або п'е, то яны ў мяне гуляць не будуць. Чалавек 20 (з усіх дзесьці 50 прысутных) адразу ўсталі і сышлі. Шмат каго па гэтай жа прычыне я адлічыў з каманды. А з астатнімі ўзяўся за працу. Некаторым хлопцам дапамаглі паступіць у мазырскі педінстытут: Дашкевічу, Ястрэмскаму, Чыгорскаму. Таксама прывезлі трох чалавек з Украіны.

 

Часам я ўсё ж такі выбіраўся на дзянёк дадому ў Мінск . Прасіў Андрэя Васільца , які быў капітанам каманды, правесці трэніроўку, а сам на аўтобусе накіроўваўся да жонкі і дзяцей, каб хоць трошкі з імі пабыць.

 

Аб ўзвядзенні “Юнацтва

Цікавая гісторыя атрымалася з будаўніцтвам «Юнацтва». Інтэрнат, дзе я жыў, знаходзіўся недалёка ад гэтага стадыёна. І вось я неяк проста прагульваўся па раёне і заўважыў поле, якое размяшчалася ў выдатным месцы, але на ім пасвіліся козы, сабакі нейкія бегалі . Я спачатку не надаў гэтаму асаблівай увагі, але потым, калі прыйшоў да сябе ў пакой, пачаў думаць: “Ёлкі- маталкі , гэта ж такі выдатны рэльеф прападае! Можна ж такое поле зрабіць!” У той час для мяне былі адчыненая дзверы кабінета старшыні мясцовага выканкама - Івана Данілавіча Замулкі. Я прыйшоў да яго, распавёў пра сваю ідэю і прапанаваў паехаць паглядзець на гэтую паляну. Ён тут жа згадзіўся. Карацей кажучы, праз тыдзень ён выклікаў да сябе дырэктара школы, якой належыла гэтая тэрыторыя, начальніка зеленгаса і датычных да футбола людзей і паставіў задачу стварыць на гэтай тэрыторыі якаснае футбольнае поле.

 

На гэтай будоўлі былі ўсе: і зеленгас, і ДЮСШ, і наша каманда. Самі рыдлёўкамі варочалі. І мяне вельмі засмучае, калі потым Яшчанка або Юрэвіч заяўляюць, што яны, маўляў, будавалі гэты стадыён. Хто гэта яны?! Стадыён будавалі Барыс Мацвеевіч Галяк, Анатоль Усенка, ДЮСШ і каманда “Палессе” дзякуючы намаганням Івана Данілавіча Замулкі. Вядома, пасля майго ад’езду стадыён быў абгароджаны, былі ўзведзеныя распранальні, але ўсё-такі ўсё асноўнае было зроблена вышэйзгаданымі людзьмі.

 

Нават тады на гульні прыходзіла па чатыры -пяць тысяч чалавек. На схілах гары народ сядзеў. А ўсё таму , што там практычна ўвесь склад быў мясцовы! Толькі тры “легіянеры” было. Гэта ўжо потым, калі прыйшоў Юрэвіч і з'явіліся шалёныя грошы, ён пачаў прывозіць замежнікаў і гульцоў з іншых гарадоў. Канешне, за грошы можна зрабіць усё, што заўгодна. Але ў нас жа атрымлівалася гуляць і без вялікіх фінансаў. І людзі нас любілі, і малюнак гульні ў нас быў. Тым больш, што мы тады ўжо паступова станавіліся на прафесійныя рэйкі: пачалі заязджаць на базу ў Навікі за дзень да гульні, арганізоўваць трэніравальны працэс.

 

Аб цяперашніх кіраўніках “Славіі

Андрэй Васілец гуляў добра, разумна. Ён не проста так быў капітанам - ён сапраўдны важак. Каля яго заўсёды былі тыя хлопцы, хто добрасумленна ставіўся да футбола. Сярод такіх быў і Віталь Паўлаў. На поле ён рабіў вялікі аб'ём працы і заўсёды выконваў трэнерскую ўстаноўку. Паўлаў, Біязаў, Васілец - гэта эталоны мазырскага футбола ва ўсіх адносінах: і ў вучэбна -трэніровачным працэсе, і ў жыцці. Гэта прыстойныя хлопцы, у якіх усё атрымлівалася не толькі на полі, але і ва ўсіх іх пачынаннях.

 

Паміж другім і трэцім  “мазырскімі перыядамі

Мне давялося пакінуць Мазыр у 1993 годзе. Медыцынскае абследаванне паказала, што ў мяне павялічылася шчытавідка, і мне нельга было заставацца у Мазыры, калі хацеў захаваць здароўе. Хоць не было жадання з’язджаць, на самой справе. Бо і кватэру давалі, і заўзятары нас любілі - усё было добра.

 

Пасля Мазыра я працаваў у светлагорскім “Хіміку”, міскай “Змене” і нават паспеў папрацаваць у Балгарыі - з камандай “Арда” з трэцяй лігі. Мы паказалі ўражлівы вынік: занялі чацвёртае месца ў лізе, ледзь з ходу не падняліся дывізіёнам вышэй. Хоць, калі я прыняў каманду, яна была на апошнім месцы ў табліцы. На жаль, не застаўся ў Балгарыі з-за таго, што ўладальнік клуба разбіўся ў аўтакатастрофе, а з новым я не знайшоў агульнай мовы. Так што вярнуўся на Радзіму.

 

Аб залатой “Славіі

Мой трэці прыход у Мазыр адбыўся ўжо ў “залатыя гады” “Славіі”. Мы сталі чэмпіёнамі і ўладальнікамі кубка ў 2000 годзе - я тады займаў пасаду спартыўнага дырэктара клуба. Гэта значыць я таксама ўнёс свой уклад у гэта дасягненне. Мой сыход з “Славіі” ў 2001 годзе атрымаўся таксама цікавым. У тое міжсезонне мы шукалі брамніка, і Ўлада Петравіч звярнуў увагу на Варывончыка, якога, у выніку, і запрасілі ў каманду. Аднак Зубоўскі заявіў, што ў Варывончыка дрэнны зрок, і такому гульцы не можа быць месца ў камандзе. Я тады пайшоў да прэзідэнта клуба - Сікорскага, і сказаў, што ў такім выпадку неабходна адправіць Варывончыка на якаснае абследаванне. Яго паглядзелі ў нямецкай клініцы - апынулася, што ў яго са зрокам усё нармальна. Увогуле, падпісалі чалавека. І вось, мы гуляем у фінале Кубка Беларусі з Белшынай. Усе разам сядзім у ложы. Гульня ідзе ўжо да залатога гола, і нам забівае Градабоеў. Зубоўскі ўстае і кажа мне: “Ты больш не працуеш”.

 

У мяне з ім і да гэтага былі спрэчкі. Справа ў тым, што ён вельмі любіў Рамана Васілюка і Валерыя Стрыпейкіса. Падчас аднаго з матчаў у чэмпіёнскім сезоне, калі мы глядзелі матч з ложы стадыёна “Юнацтва”, Зубоўскі мне сказаў: “спусціўся ўніз і скажы трэнеру, каб не мяняў Васілюка і Стрыпейкіса”. Я яму адказваю: “Па-першае, я да вас на пабягушкі не наймаўся. А па-другое, калі б я быў на месцы галоўнага трэнера і мне нехта такое сказаў, дык я выкінуў бы гэтага чалавека вунь незалежна ад таго, кім ён з'яўляецца . Гэта кухня толькі для трэнера і каманды”. Ён аж пачарнеў ўвесь , бо гэта чула ўся ложа.

 

Там была яшчэ адна вясёлая схема. Аб куплі Васілюка з брэсцкага “Дынама” дамаўляліся я і Міхал Юфераў. Не буду агучваць канкрэтную суму, але мы збілі яго кошт на 50% ад першапачатковага. За гэта нам належыла 10% ад сумы наступнага трансферу Васілюка у іншы клуб. Калі стала вядома, што Рамана прададуць у маскоўскі “Спартак”, дык Зубоўскі спачатку прыбраў з клуба мяне, а потым Юферава, каб не плаціць нам гэтых грошай. Я лічу, што гэта подла.

 

Аб маралі і мясцовых выхаванцах

Я заўсёды казаў гульцам, што гэта не яны зарабляюць грошы. На футбалістаў ходзяць глядзець людзі, якія як раз і зарабляюць грошы. Яны працуюць на заводах, і менавіта яны ўносяць сродкі ў нашую скарбонку. І нам сорамна гуляць дрэнна, таму што людзі будуць свісцець і крычаць. А гэта дрэнна. Мне хочацца, каб людзі радаваліся. Вось прыйшла дзяўчынка гульца, паглядзела, як ён добра выступае, і ёй стала радасна. Прыйшлі вашы бацькі, сябры, сваякі - каб ім заўсёды было не сорамна паглядзець на вашу гульню! Каб яны потым распавядалі, як вы стараліся. Бо гульня - гэта толькі гульня, 90 хвілін. А потым жа ты сустракаешся з людзьмі, якія табе ў твар скажуць, добра ты згуляў ці дрэнна, выдатна выступіла каманда або “для галачкі”.

 

Вось гэта пытанне выхавання гульцоў, маралі! Гэта цяперашняя бяда - няма маралі ў людзей. Яны кажуць адно, а робяць другое. І робяць яшчэ да таго ж толькі за грошы. Так не павінна быць! Трэба, каб была чыстае сумленне ў чалавека . Ды калі мне скажуць, што я дзесьці зрабіў нешта дрэнна, дык я з сораму магу згарэць, хоць мне ўжо 65. Людзі ходзяць на футбол толькі тады, калі там гуляюць. Гэта як спектакль, дзе граюць артысты. І трэба гуляць у футбол, а не пакутаваць. Раней у футбол гулялі, хоць і не было такіх магчымасцяў. У той час людзі, у тым ліку і футбалісты, грошы ЗА - РАБ - ЛЯ - ЛІ. А цяпер моладзь хоча іх атрымліваць. Вось і ўся розніца. Таму і футбол у савецкія гады быў на 10 галоў вышэй, чым наш цяперашні, хоць розніца ва ўмовах каласальная.

 

Калі я працаваў у Федэрацыі футбола, дык мяне заўсёды хвалявала пытанне мясцовых выхаванцаў. У многіх камандах гуляе большасць прыезджых людзей. А што такое прыезджыя гульцы? У іх няма душы, каб выкладвацца на ўсе 100%. Сыграў добра - выдатна, згуляў дрэнна - ну і ладна. Вядома, такія не ўсё. Аднак гэта вельмі сур'ёзная праблема. Напрыклад, калі ў Мазыры гулялі тыя ж Васілец і Паўлаў, дык ім сорамна было гуляць дрэнна, таму што на іх з трыбун глядзелі блізкія людзі. І калі ўвесь час прывозіць легіянераў, то навошта тады ДЮСШ ў горадзе? Неабходна стварыць умовы для працы дзіцячых трэнераў, аднак і патрабаваць трэба таксама сур'ёзна.

 

Аб стаўленні да справы

Калі трэнер фанатычна любіць сваю прафесію, тады, павер мне, яго каманда будзе гуляць. Але калі ён лох з суполкі пах…аў, тады нічога не атрымаецца! Ты ведаеш, трэнерамі не становяцца, імі нараджаюцца. Трэба нарадзіцца трэнерам, каб разумець прафесію і адчуваць усе тонкасці.

 

Калі я прыняў каманду людзей са слабым зрокам 17 гадоў таму, то ў нас быў дэвіз “немагчымае магчыма”. Я прыйшоў тады пасля першай трэніроўкі дадому, а жонка мяне пытаецца: “Чаго ты такі сумны?”. Ну я ёй распавядаю, што каманду неабходна рыхтаваць да выступлення на чэмпіянаце Еўропы ў Барселоне, а сітуацыя на пляцоўцы ахавая - дзе мяч, там і ўся каманда. Ну і засада, кажу. А яна мне: “Дык чаго ты перажываеш, табе ж за гэта ўсё роўна грошай не плацяць?”. Слухай, у мяне зусім іншая філасофія. Калі ўжо ўзяўся за справу, дык трэба зрабіць яе добра.

 

Я стараюся рабіць так, каб людзі радаваліся. Я 17 гадоў бясплатна працаваў з камандай інвалідаў па зроку. Мы - пяціразовыя чэмпіёны свету, чатырохразовыя чэмпіёны Еўропы. І мы без грошай усё гэта рабілі! Абыгрывалі такіх жа людзей са слабым зрокам. А гэтыя за грошы не могуць абыграць суперніка, не могуць паказаць нармальны футбол!