11 тур Смаргонь 0:1 "Славiя" Мазыр

11 тур
0:1
Смаргонь
"Славiя" Мазыр
Дата правядзення матча: 
21/06/2014
Час: 
18.00
Месца правядзення матча: 
у гасцях
Колькасць гледачоў: 
550

“Славія”: Гаеў, Шчагрыковіч, Абд Аль-Маджыд, Хадаркевіч, Харытончык, Герман, Кобец, Раеўскі, Катляроў (Шыкаўка, 62), Страхановіч, Лапцеў.

 

“Смаргонь”: Сямук, Шмігера, Тарлікоўскі, Халецкі, Кавальчук, Жданок (Казко, 87), Шуманаў, Калінін, Равіна (Нарожнік, 57), Баскакаў (Замара, 89), Сямёнаў.

 

Галы: 0:1 - Лапцеў, 87.

 

Папярэджанні: Равіна, 47; Халецкі, 66.

 

Выдаленні: Халецкі, 86.

 

4 рэчы, якія мы пабачылі ў Смаргоні

 

1. «Славія» перапыняе няўдалую выязную серыю

Нарэшце гэта здарылася. Шчыра кажучы, нават ужо злёгку прызабыў, што гэта такое - ехаць з выезду радасным. Як-ніяк, з моманту візіту ў Гарадзею на пачатку траўня выязнымі ачкамі палешукі не разжываліся. А час-та ідзе. Ды і ачкі ў матчах з супернікамі, да якіх выязджала «Славія», неабходна было набіраць без пытанняў, бо становішча ў табліцы ой якое шчыльны. Увогуле, перамога ў Смаргоні, хай і выдраная ў самым канцы сустрэчы, хай і з мінімальным лікам, хай і пры не самай лепшай гульні каманды, усё ж такі не толькі дадала аптымізму мазырскім заўзятарам, але і вярнула «Славію» на першы радок турнірнай табліцы, хоць і не аднаасобна. Так што падарунак дыктару «Юнацтва» Аляксандру Акуленка выйшаў на славу.

 

2. Дзяніс Лапцеў вырываецца ў лідэры гонкі бамбардзіраў

У Смаргоні грозны палескі галеадор зноў не сышоў з поля без забітага мяча. Замкнуўшы на 87 хвіліне сустрэчы выдатную падачу са штрафнога ў выкананні Аляксандра Кобеца, Дзяніс запісаў на свой рахунак вось ужо восьмае ўзяцце варот і тым самым ўзначаліў гонку бамбардзіраў у першай лізе разам з Андрэем Лясюком з пінскай «Хвалі». Калі Дзяніс працягне ў тым жа духу, то за графу «забітыя мячы» мазырчукам можна будзе не турбавацца. Дарэчы, аўтар галявой перадачы ў Смаргоні - Аляксандр Кобец, адзначыўся ўжо другім «асістам» (пры гэтым абодва былі выкананы са стандартаў), а ў суме набраў чатыры ачкі па сістэме гол + пас.

 

3. Высокі прэсінг «Смаргоні»

На самай справе, «Смаргонь» здолела выканаць сваю галоўную задачу - не даць палешукам разгарнуцца ў атацы, забіць іх камбінацыйны футбол і навязаць барацьбу на кожным участку поля. Багацце гэтай самай барацьбы і стала трэндам ўсёй сустрэчы. Нядзіўна, што зыход матчу вырашыў менавіта стандарт. Гаспадары гулялі даволі высока, асабліва ў першай палове сустрэчы, часцяком папросту не даючы мазырчукам выбрацца ў чужыя землі і наблізіцца да брамы суперніка. У першым тайме «Смаргонь» мела некалькі выдатных момантаў, каб адкрыць лік, але Ўладзімір Гаеў ў гэты дзень цвёрда наважыўся зладзіць чарговы «сухар» і быў такі. Яго задуме не перашкодзіў нават Павел Баскакаў, які выдаў феерычны матч. Такое адчуванне, што трыццаты нумар гаспадароў быў усюды: адпрацоўваў у абароне, раздаваў перадачы ў цэнтры поля, апыняўся на вастрыі атакі. Прытым нават у канцы сустрэчы ў Баксакава хапала сіл выдатна напружваць абарону гасцей. Але, на шчасце, увасобіць свае намаганні ў вынік на табло ў яго не склалася.

 

4. Камандзе неабходна ўзмацненне

Калі да 70 хвіліне гульні на полі стала занадта шмат барацьбы і хібаў у дзеяннях абодвух дружын, я сур’ёзна задумаўся, хто б цяпер мог выйсці і адразу ж станоўча паўплываць на гульню мазырскай каманды. Аднак, перабіраючы усе кандыдатуры ў заяўцы, я так і не змог прыдумаць адказу. На самай справе, ёсць адчуванне, што ў дадзены момант камандзе не перашкодзіць пара надзейных выканаўцаў, здольных узмацніць гульню каманды па ходзе сустрэчы - даціснуць няўступлівага суперніка на выездзе, напрыклад. Перш за ўсё, патрабуецца ўзмацненне ў абароне. Не справа камандзе, якая займае першы радок табліцы, прапускаць больш, чым дружыны з другога і трэцяга месца разам узятыя. У той жа час хацелася б атрымаць падмогу ў цэнтр поля. Бо Аляксандр Раеўскі паша па поўнай праграме ўжо вось 11 тураў запар, а калі яго мяняюць, то адсутнасць асноўнага мазырскага апорніка тут жа адбіваецца не самым лепшым чынам. Вельмі добра, што ў трэнерскага штаба «Славіі» ужо ёсць на прыкмеце неабходныя кандыдатуры, якія пакуль, аднак, не абвяшчаюцца. Хоць думаецца, што хто-хто, а Юрый Пунтус ужо дакладна ведае, якіх выканаўцаў лепш запрасіць для паляпшэння ў гульні і выніках каманды.

 

Каментары трэнераў пасля матчу вы знойдзеце тут.

 

За фота дзякуй хлопцам са Смаргоні.

Галы: 
:
Папярэджання: 
Выдалення: