"Славія" - Віцебск, preview

Катэгорыя: 

Ужо ў трэці раз у гэтым сезоне - гэта ўсяго-та за пяць тураў (!), чарговая сустрэча «Славіі» апынаецца цэнтральным матчам тура. Пасля двух удалых гульняў супраць «Рэчыцы-2014» і Гарадзеі падначаленым Юрыя Пунтуса трэба будзе пазмагацца з яшчэ адным прэтэндэнтам на першыя месцы ў табліцы - Віцебскам.

 

За выключэннем гульні супраць Гомельчыгунтранса, палеская дружына ва ўсіх матчах дэманстравала прывабны, атакуючы і, галоўнае, рэзультатыўны футбол. Сустрэча супраць гасцей з поўначы краіны стане не толькі трэцяй гульнёй за гэты тыдзень, але таксама пэўным экзаменам, закліканым даць адказ на пытанне аб тым, ці можа каманда паўнавартасна вытрымліваць такія гульнявыя нагрузкі без страты якасці гульні і, вядома ж, яе выніковасці.

 

Улічваючы той факт, што абедзве дружыны выйшлі пераможцамі з сваіх крайніх сустрэч, можна зрабіць наступную выснову: настрой у гульцаў дакладна добры, як і жаданне падоўжыць пераможную серыю. Таксама нельга не адзначыць выдатную якасць мазырскага газона, на які ў нядзелю выйдуць каманды. Такім чынам, можна будзе чакаць адкрытага і прывабнага футбола з боку як гаспадароў, так і гасцей.

 

Так што, хлопчыкі і дзяўчынкі, пакуль надвор’е стаіць проста выдатнае, усе дружненька збіраемся і ідзем на стадыён «Юнацтва» да 17.00 у нядзельны дзень 11 мая. Падтрымаем сваю мясцовую каманду!