«Славія» - ФК Тосна - 0:1

Катэгорыя: 

08.04.2014, 14.00, стадыён «Цэнтральны» , г. Гомель.

 

«Славія» :

 

1 тайм : Гаеў (Іваненка, 39), Ахраменка, Аль - Маджыд, Грачышка (Шут, 37), Хаміцэвіч, Раеўскі, Паўлавец, Страхановіч, Шыкаўка, Катляроў, Лапцеў.

 

2 тайм : Іваненка, Харытончык, Шут, Канапацкі, Хаміцэвіч, Раеўскі (Радчанка, 70), Страхановіч, Кобец, Слесарчук, Катляроў (Яркоў, 70), Герман.

 

Адну з апошніх перадсезонных гульняў «Славіі» трэба было правесці супраць вядомага ў апошні час расійскага ФК Тосна. Справа ў тым, што маладая каманда з невялікага населенага пункта ў Ленінградскай вобласці ў гэтым сезоне здолела выбіць з розыгрышу Кубка Расіі легендарны маскоўскі «Спартак». Калі нават такі знакаміты супернік апынуўся па зубах сціплым правінцыялам, то падначаленым Юрыя Пунтуса дакладна не варта было чакаць лёгкай прагулкі.

 

У прынцыпе, з першых жа хвілін гульні робіцца зразумела, што хлопцы з Тосна, нягледзячы на тое, што выступаюць яны ў другой расійскай лізе, могуць нядрэнна задаць джазу. Гульня ў кароткі пас, высокі тэмп, пастаянны рух - не кожны клуб нашай вышэйшай лігі можа пахваліцца такім стылем гульні. Таму ў першай пятнаццаціхвілінцы расійскія госці цалкам завалодваюць ініцыятывай, што выліваецца ў хуткі гол: ужо на 14 хвіліне сустрэчы адзін з гульцаў Тосна пасля выдатнай пранікальнай перадачы перакідвае Ўладзіміра Гаева.

 

Здавалася б, мазырчукі павінны тут жа кінуцца адыгрывацца, але куды там! Наадварот, ўсходнія госці яшчэ больш прыціскаць «Славію» да сваіх варот, толькі зрэдку даючы сваім апанентам магчымасці для контратак. У цэнтры поля часам застаецца прастора для нядрэнных дзеянняў Страхановіча, аднак да талковага ўдару справа так і не даходзіць, настолькі граматна гуляе абарона Тосна. Ды і атакі ў іх атрымліваюцца таксама даволі вострыя, асабліва праз левы фланг, дзе раз за разам ўзнікае пажар. Так, на 37 хвіліне мяч ледзьве зноў не апыняецца ў сетцы варот Гаева, аднак набягаючы на прастрэл гульца расейцаў проста не можа нармальна нанесці ўдар.

 

А ўжо праз дзве хвіліны мазырскага галкіпера прыходзіцца замяніць: у выхадзе адзін на адзін Уладзімір кідаецца на мяч і не дае суперніку рэалізаваць выдатны момант, каб падвоіць перавагу, аднак у выніку атрымлівае пашкоджанне нагі і дужа кульгаючы пакідае поле. Характэрна, што трошкі раней таксама пасля сутыкнення з гульцам суперніка замяняюць і цэнтрдэфа Грачышка.

 

Ды і наогул колькасць фалоў да канца першай паловы тайма ўзрастае. Гульня больш-менш выраўноўваецца, з’яўляецца больш барацьбы ў цэнтры поля, хоць у «Славіі» рэдка атрымліваецца арганізаваць што-небудзь небяспечнае каля брамы Тосна. Толькі на 44 хвіліне пасля падачы Страхановіча Арам Абд Аль-Маджыд выйграе барацьбу ў штрафной і адпраўляе ў сетку ... самога сябе. Нажаль, без мяча, які за лічаныя долі секунды да гэтага выбіваюць са стужачкі.

 

Пасля перапынку «Славія» актывізуецца - зараз ужо стартавыя 15 хвілін можна смела запісаць на рахунак мазырчукоў. Яны ствараюць масу момантаў, якія, аднак, ніяк не прыводзяць да неабходнага выніку. Юрый Пунтус, які для лепшага агляду глядзіць сустрэчу з трыбуны, даволі эмацыйна рэагуе на дзеянні сваіх падначаленых. Асабліва дастаецца Слесарчуку. «Ігар! Ну што ты лухтой займаешся?!»- гэта нападаючы абакраў абаронцу расейцаў, які завазіўся з мячом, аднак зацягнуў з ударам і ў выніку страціў мяч. Пасля чарговай флангавагай няўдачы Слесарчука гледачы чуюць шчыра-пранізлівае: «Ігар, Ігарочак, ну дастаў ты яго!»

 

На самай справе, з апошнім пасам у штрафную справы не ладзяцца, хоць правы фланг, які ў першым тайме правальваўся ў абароне, у другім пачынае дзейнічаць значна больш актыўна ў атацы. Асабліва вышэйзгаданы Слесарчук. І ўсё ж намаганняў мазырчукоў хапае толькі на тое, каб арганізаваць яшчэ адзін шыкоўны момант у самым канцы сустрэчы: Герман выходзіць на рандэву з галкіперам гасцей, аднак аказваецца прайграўшым у гэтай дуэлі. З трыбун жа даносіцца абуранае «Дзіма, Дзіма!»

 

Па выніку Тосна запісвае на свой кошт яшчэ адну перамогу над камандай з дывізіёна вышэй, хай і іншай краіны. Ну а «Славіі» застаецца ўзмоцнена трэніравацца, згульвацца і ўзмоцнена рыхтавацца да пачатку чэмпіянату ў першай лізе.

 

Дарэчы, роўны пацан з offside.by Міша Аляксееў зрабіў клёвую ФОТАГАЛЕРЭЮ з гэтага матчу, за што мы кажам яму вялікі дзякуй.