«Хімік» Светлагорск - «Славія» - 1:1

Катэгорыя: 

«Я счастливый, как никто! Я счастливый лет уж сто! Я счастливый, я не вру! Так счастливым и уйду!» - пранізліва крычыць з пісклявых дынамікаў мабільнага тэлефона Рыгор Лепс. Гэты самы тэлефон знаходзіцца ў руках у шасцігадовага хлапчука, які прыйшоў на футбол разам з бацькам. Не самы лепшы трэк для пачатку футбольнага матчу, але галоўнае, што малому весела. Хоць стадыён “ЖБІК” не вельмі вясёлае месца, шчыра кажучы.

 

Ад першапачатковай колькасці драўляных лавачак засталося недзе адна трэць. Мабыць, мясцовае насельніцтва высока ацаніла якасць дошкі. Поле таксама, мякка скажам, не вызначаецца якасцю. Аднак, гэта яшчэ толькі перадсезонны «таварняк», таму павышаныя патрабаванні да месца правядзення прад'яўляць і не варта. Тым больш, што вышэйзгаданыя лавачкі былі запоўненыя даволі прыстойна - каля сотні чалавек ахвяравалі суботняй паездкай на дачу на карысць футбола. І, па-мойму, не дарэмна. Ва ўсякім выпадку на поле было на што паглядзець.

 

У «Славіі» значыліся некаторыя кадравыя праблемы. Пасля матчу супраць Тосна са складу выбылі Грачышка і Гаеў. «Уладзімір пакуль аднаўляецца. Спадзяемся, што хутка прыступіць да трэніровак і будзе гатовы да першага туру.» - каментуе сітуацыю галоўнакамандуючы мазырчукоў Юрый Пунтус. «Грачышку пакуль таксама вырашылі паберагчы. Аднак да гульні са Смалявічамі ён павінен быць гатовы. Што тычыцца Шчагрыковіча і Хадаркевіча, дык іх поўнае аднаўленне з наборам неабходнай формы можа зацягнуцца да 3-4 тура» - дадаў настаўнік палешукоў.

 

І ўсё ж гэтыя страты не паўплывалі на баявы настрой мазырскай каманды. У першыя хвіліны гульні «Славія» даволі актыўна дзейнічае ў атацы, аднак у Светлагорска атрымліваецца здзяйсняць небяспечныя контр-выпады. Так, ужо на 18 хвіліне пасля абрэзкі ў цэнтры поля гульцы гаспадароў выходзяць два ў аднаго, аднак не могуць разабрацца ў сітуацыі і ў выніку мяч ляціць вышэй варот. Гледачы гудуць, а я толькі выдыхаю і праціраю пот з ілба.

 

Да сярэдзіны першага тайма гаспадары прыкметна смялеюць і нават на некаторы час аблажваюць мазырскія вароты. Так, пасля падачы вуглавога на 30 хвіліне толькі перакладзіна ратуе «Славію» ад дакладнага гала. Мазырчукі таксама ствараюць некалькі небяспечных момантаў, аднак часцяком проста не могуць скаардынаваць свае дзеянні ў штрафной праціўніка. Нават тактычная хітрасць з пераменай флангаў (Катляроў зрушыўся налева, а Шыкаўка заняў яго месца на правым краі) не дапамагае «Славіі» падабраць ключ да гаспадарскай абароны.

 

Другая палова пачынаецца са светлагорскага прэсінгу, які ўсё-ткі ўвасабляецца ў вынік. І зноў вуглавы! На 56 хвіліне пасля падачы барацьбу ў штрафной мазырчукоў выйграе Шэпелеў, які і адпраўляе мяч у сетку. «Хімік» тут жа імкнецца развіць поспех, аднак пасля чарговага небяспечнага моманту мяч з лініі мазырскіх варот выносіць Аль-Маджыд.

 

Затым «Славія» збіраецца і даволі сур'ёзна прыдушвае гаспадароў поля да іх штрафной. Падобныя намаганні не могуць не завяршыцца поспехам - на 68 хвіліне гульні Дзяніса Лапцева пакідаюць аднаго ў штрафной, і ў яго дастаткова часу спыніць мяч і нанесці дакладны ўдар у правы ад сябе вугал брамы - 1:1. Але гэта не той зыход, які можа спыніць падапечных Юрыя Пунтуса - «аблога Светлагорска» працягваецца. Праз 10 хвілін Герман, які выйшаў на замену ў другім тайме, выходзіць 1 на 1 з галкіперам «Хіміка», аднак зноў прайграе свайму візаві. А на 89 хвіліне Дзяніс Лапцеў упускае выдатную магчымасць аформіць дубль - мяч пасля яго стрэлу скалынае перакладзіну, удараецца аб зямлю і вылятае за межы штрафной. Трыбуны зноў гудуць, але гэты гук заглушаецца маім фэйспалмам. Роўна праз хвіліну Дзмітрый Харытончык са штрафнога правярае на трываласць далёкую штангу, а праз секунду пасля гэтага гучыць фінальны свісток. Так, на самай справе напружанне ў гульні было пад стаць чвэрцьфіналам Лігі Чэмпіёнаў, што прайшлі на гэтым тыдні!

 

Каментар Юрыя Пунтуса:

- Вынік сёння - не самае важнае, ён мае значэнне толькі з пункту гледжання псіхалогіі. Не прайгралі - добра. Хоць, улічваючы другі тайм і колькасць момантаў, мы павінны былі выйграваць. Але самае галоўнае, што, як мне здалося, мы былі мацней менавіта ў руху ў двух таймах. Усе небяспечныя моманты ля нашай брамы былі спантанымі і з’явіліся вынікам нашых найгрубейшых памылак і таксама недахопаў поля. Але ўсё роўна мы з гонарам з іх выходзілі. Хоць стандарт, вядома, не дагулялі. Шэпелеву, які славіцца сваёй гульнёй галавой, мы далі магчымасць забіць. А так, сёння мы ўжо гулялі па ўсіх правілах, замен было роўна пяць. І нават замены, праведзеныя ў перапынку, не былі планавымі, яны маглі адбыцца і пазней. Але я не вельмі быў задаволены дзеяннямі Катлярова і Шыкаўкі ў нападзе, дакладней іх ККД. Яны стараліся, шмат рухаліся, але не пагражалі варотам праціўніка. Таму яны былі замененыя. Тым больш, што сёння нельга сказаць, хто мацней з нашых нападаючых. Кобец, магчыма, больш вопытны, але ён пазней пачаў падрыхтоўку да сезону і не мае тых кандыцый, што іншыя гульцы. У прынцыпе, нам ёсць з каго выбраць гульцоў для асноўнага складу. Да прыкладу, і Іваненка, і Раеўскі правялі даволі добрую гульню. Было, вядома, пару ляпаў, асабліва з выхадам сам-насам пасля адной з нешматлікіх памылак Сашы Раеўскага. Хоць ён быў вельмі актыўны і прыкметны. Жэня Іваненка таксама парадаваў, і няма ніякай асцярогі, што мы засталіся без брамніка. Аднак хочацца, каб Валодзя Гаеў хутчэй аднавіўся .

 

- Змена роляў паміж Катляровым і Шыкаўкам ў першым тайме - гэта трэнерская задумка?

- Гэта, хутчэй, нават не трэнерскі прыём. Я наогул з тых трэнераў, якія заахвочваюць імправізацыю, яна мною не караецца. Яны могуць памяняцца флангамі, бо па тактычнай схеме іх ролі аднолькавыя. Гэта таксама залежыць ад абаронцаў, супраць якіх яны гуляюць. Можа быць, памяняўшыся, яны змогуць атрымаць з гэтага плюс у такой барацьбе. Гэта нармальны момант. І ні ў якім разе не па маёй ўказцы. Вядома, гульнявая дысцыпліна павінна быць: калі б цэнтральны абаронца памяняўся месцамі з правым нападаючым і доўга так гуляў, тады я б гэтую сітуацыю паправіў. А калі проста адбыўся абмен флангамі, то я не бачу ніякіх негатыўных момантаў.

 

- Другі матч запар Герман не рэалізуе выхад адзін на адзін. Чаго яму не хапае?

- Дзіма мае такія дадзеныя, што ў маім разуменні з'яўляецца гульцам вышэйшай лігі. Я даўно за ім сачу. Ён быў у мяне на праглядзе і ў 19, і ў 20 гадоў - у вышэйшай лізе ў МТЗ-РІПА. Але тады я яго не браў, бо была вельмі вялікая канкурэнцыя. Тады я прапаноўваў яму пагуляць у першай лізе, каб мець практыку. І вось лёс нас зноў звёў ўжо ў першай лізе. Я лічу, што ён і сёння патэнцыйны гульца вышэйшай лігі. Проста яго псіхалагічная няўстойлівасць не дае яму раскрыцца на ўсе 100%.

 

- Што наогул рабіць з рэалізацыяй? Сёння было некалькі момантаў, якія трэба было выкарыстаць.

- Вядома, гэта залежыць ад узроўню майстэрства. І, як кажуць, гэты славуты веснавы футбол. І, вядома, узровень поля. А што рабіць? Трэніравацца. Адпрацоўваць, вучыцца, трэніравацца. Гэта лепшы рэцэпт, які быў, ёсць і будзе.

 

«Хімік» Светлагорск – «Славія» Мазыр - 1:1

 

12.04.2014, 15.00

 

Стадыён ЖБІК, г. Светлагорск, 100 гледачоў

 

Славія: Іваненка, Ахраменка, Шут, Аль-Маджыд, Хаміцэвіч (Харытончык, 46), Раеўскі, Страхановіч (Радчанка, 80), Паўлавец (Слесарчук, 46), Шыкаўка (Герман, 46), Катляроў (Кобец, 46), Лапцеў.

 

Хімік: Туранок, Шэпелеў, Кудыш (Бяляўскі В.), Бранавіцкі (Бакаў, 65), Бяляўскі А. (Лепін, 46), Ждановіч (Туз, 80), Кочын, Дашук М. (Дашук А., 80), Чашураў (Кісялёў, 70), Архіпцаў (Шукіловіч, 46), Наздрын-Платніцкі (Петрушэўскі, 70).

 

Галы: Шэпелеў, 56 (1:0), Лапцеў, 68 (1:1).