Фан-турнір у Мазыры!

Катэгорыя: 

1 сакавіка - выдатны час для правядзення фан - турніру, асабліва калі задаецца надвор’е. Улічваючы вопыт мінулага года ніхто і здагадвацца не мог, што вясна наступіць нават раней, чым звычайна. Увогуле, у першы дзень вясны мазырскія футбольныя фанаты вырашылі правесці міні-футбольны турнір сярод сяброў, сабраўшы ўсіх на штучным полі стадыёна «Юнацтва».

 

У «Кубку Палесся» сезону 2014 прынялі ўдзел 6 каманд з 4 гарадоў Беларусі. Акрамя трох каманд з Мазыра на футбольнае поле, каб пазмагацца за медалі і прызы, выйшлі таксама прадстаўнікі фан-клуба «Славіі» з Калінкавічаў, госці з «Ультрас Смаргонь», а таксама хлопцы з ФК «Менск».

 

Каманды былі падзеленыя на дзве групы па тры каманды. Пасля гульняў адзін супраць аднаго дзве лепшых дружыны з кожнай групы выходзілі ў паўфінал. У першым госці са Смаргоні ва ўпартай барацьбе абыгралі калінкавіцкі фан-клуб «Славіі». У другім жа мазырскія хлопцы з FCSM здолелі ўзяць верх над гасцямі з Менска ў выніку неймаверна захапляльнага супрацьстаяння.

 

 

Хоць хлопцы з ФК «Менск» былі блізкія да выхаду ў фінал, на матч за трэцяе месца сіл у іх ужо не засталося, чым і скарысталіся калінкавіцкія, абыграўшы каманду, якой перад пачаткам спаборніцтваў усё прадказвалі як мінімум удзел ў галоўным матчы турніру.

 

 

Фінал жа падарыў мазырчукам даволі прыемны сюрпрыз. Пасля таго, як «Ультрас Смаргонь» чакана выйшлі наперад, хлопцы з FCSM чатыры разы запар змаглі трапіць у вароты суперніка. У канцоўцы матчу смаргонскія госці здолелі адыграць два мяча, аднак было ўжо позна. Такім чынам, кубак застаўся ў Мазыры, што нядрэнна парадавала мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак.

 

 

Затым была цырымонія ўзнагароджання з усімі належнымі атрыбутамі і піра.

 

 

Усе прызёры атрымалі медалі, ганаровыя граматы, а таксама розныя памятныя сувеніры: календары і вымпелы, вырабленыя спецыяльна да турніру. А пераможцы ў даважку да ўсіх вышэйзгаданых падарункаў атрымалі галоўныя прызы ад мазырскіх ультрас, а таксама спецыяльны прыз ад ФК «Славія».

 

 

Таксама былі ўзнагароджаныя асобныя ўдзельнікі турніру. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Дзянісу aka Pit Bull, здольнасці брамніка і харызма якога не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных.

 

 

А званне лепшага палявога гульцы заслужана было прысуджана форварду менскіх хлапцоў, вядомаму як Кіса.

 

 

Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі турніру падзялілі торт, выраблены спецыяльна з гэтай нагоды. Увогуле, задаволеныя засталіся ўсё.

 

 

Карацей кажучы, мазырскія фаны, можна сказаць, адкрылі сезон выдатным і вельмі атмасферным мерапрыемствам. На такіх турнірах прысутнічае сапраўдны дух спаборніцтваў і сумленнай гульні, што прыносіць вялікую колькасць пазітыўных эмоцый. Так што, хлопчыкі і дзяўчынкі, любіце футбол і падтрымлівайце сваю мясцовую каманду!