2013. Заслона.

Катэгорыя: 

Фактычна футбольны сезон скончаны ўжо з нядзелі. Аднак афіцыйнае закрыццё было прызначана на 10 снежня: па сумяшчальніцтве сусветны дзень футбола. Чым не нагода сабрацца ў Нацыянальнай бібліятэцы, каб ўзнагародзіць лепшых удзельнікаў дзейства пад назвай беларускі футбол? Вось і кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола так думае. Таму запрашэнні на знакавае мерапрыемства былі разасланыя ледзь не ўсім, хто мае дачыненне да спорту нумар адзін у нашай краіне.

 

Мазырскую «Славію» прадстаўлялі дырэктар Андрэй Рыгоравіч Васілец і ваш пакорны слуга. Былі, дарэчы, і хлопцы з offside.by, якім удалося канструктыўна пагутарыць з Цімафеем Калачовым, прызнаным, дарэчы, не толькі лепшым беларускім футбалістам года, але таксама атрымаўшым прыз імя Пракапенкі «За футбольны талент і самааддачу ў гульні за Беларусь». Гэта дакладна адны з самых яскравых рысаў Цімафея!

 

 

 

 

Забягаючы наперад, адзначым, што яшчэ адным футбалістам, атрымаўшым не адну ўзнагароду, апынуўся Віталь Радзівонаў. Аднак гульца БАТЭ, на жаль, не змог наведаць цырымонію ўзнагароджання, таму прызы як лепшаму нападаючаму, лепшаму і самаму карыснаму гульцы чэмпіянату Беларусі, а таксама лепшаму бамбардзіру дастануцца Віталю толькі пасля вяртання з адпачынку. А ён так бы выдатна выйшаў на фота з чатырма «зорнымі мячамі»!

 

У прынцыпе, каб не доўга не адкладаць, адразу ж абвяшчу пераможцаў у яшчэ некалькіх намінацыях:

лепшы брамнік - Сяргей Чэрнік;

лепшы абаронца - Ягор Філіпенка;

лепшы паўабаронца - Аляксандр Паўлаў.

 

Праўда, з трох вышэйпералічаных герояў нацыянальнага першынства асабіста з’явіўся толькі яркі хаў барысаўчан. А вось за двух іншых пераможцаў “адпрацоўваць” давялося бацькам. Бацька Сяргея Чэрніка, дарэчы, выдаў задорыстую прамову, адначасна павіншаваўшы ўсіх прысутных з надыходзячымі святамі.

 

 

 

 

Тое ж зрабілі і дзяўчаты з групы “Лас-Вегас”, якія запоўнілі сваімі песнямі перапынкі паміж узнагароджаннямі і ўшанаваннямі. Хоць гарнітурчыкі ў спявачак былі на пяць з тлустым плюсікам, публіка іх сустракала на троечку. Відаць, не вялікія аматары падобнай творчасці айчынныя “футбольныя людзі”. Усё ж глядзеўся выступ калектыва жонкі Аляксандра Гутара эфектна, сказаць няма чаго.

 

Але больш за ўсё, ва ўсялякім выпадку мне, запомнілася ўручэнне прэміі лепшаму айчыннаму трэнеру. Па такім выпадку Леанід Кучук асабіста прыбыў на цырымонію закрыцця сезона 2013. Галоўны на сённяшні момант “машыніст” Расеі быў бадзёры і вясёлы. Заняў месца ў зале побач з Аляксандрам Ермаковічам і пра нешта гутарыў з галоўнакамндуючым БАТЭ. Магчыма, даваў навучанні больш маладому калегу.

 

Самы кранальны момант усёй цырымоніі (у адным шыхце са слязамі мамы Цімафея Калачова пасля абвяшчэння яго лепшым футбалістам краіны) адбыўся менавіта з удзелам Леаніда Станіслававіча. Прыз лепшаму беларускаму трэнеру сезона 2013 уручаў яго першы настаўнік Мікалай Іванавіч Блашко. Леанід Станіслававіч быў вельмі крануты з'яўленнем на сцэне чалавека, які даў яму пуцёўку ў жыццё, за што выказаў яму вялікую падзяку, а таксама сказаў “дзякуй” за давер ўсім прысутным. Расчулены Кучук - не самае частае, як мне здаецца, відовішча. Ўразіла.

 

 

 

 

Аднак на гэтым цікавасьці не скончыліся. У фінале дзейства ўсе прысутныя не толькі ўбачылі новы лагатып АБФФ (зацверджаны, дарэчы, за дзве гадзіны да пачатку ўрачыстасцяў), але таксама даведаліся, што «Беларусбанк» застанецца партнёрам чэмпіянату Беларусі па футболе ў двух наступных сезонах. «Хоць у нечым пэўнасць» - падумалася мне. Вядома, дзіўна чуць такое ў нашай-та краіне з хваленай «стабільнасцю», але менавіта гэтага не хапае зараз нашаму футболу. Шчыра кажучы, вельмі хочацца спадзявацца, што ў новым сезоне сітуацыя ў гэтым кірунку палепшыцца.